27 красавіка вучні 5 класа, са сваёй настаўніцай Рапінчук Аксанай Міхайлаўнай наведалі вясковую бібліятэку. Якая яна? Наколькі запатрабаваны яе паслугі сёння, калі існуе шматлікая колькасць альтэрнатыўных крыніц інфармацыі? Так, інфармацыю атрымаць – не праблема. Дакладнасць, даставернасць – іншая справа. А яшчэ на сённяшні дзень бібліятэка, бадай, адна з нямногіх устаноў, дзе захаваліся жывыя стасункі паміж бібліятэкарам і чытачом. Асабліва гэта адчувальна ў нашай бібліятэцы, дзе жыхары прыходзяць у бібліятэку не толькі дзеля таго, каб атрымаць інфармацыю, але перш за ўсё, каб пагутарыць: пачуць ад бібліятэкара аб навінках літаратуры, расказаць аб чымсьці набалелым, падзяліцца сваімі клопатамі.
Бібліятэка — гэта будынак, матэрыяльны аб’ект. А сапраўднае жыццё надае яму Наумавец Святлана Мікалаеўна, якая там працуе – бібліятэкарам. І толькі дзякуючы прафесіяналізму, вопыту, шырокаму кругагляду гэта ўстанова стала запатрабаванай ў насельніцтва. Бібліятэкар сёння — гэта не толькі адмысловы знаўца літаратуры. Ён разбіраецца ў сучасных інфармацыйных тэхналогіях, праводзіць масавыя мерапрыемствы па разнастайных тэматычных накірунках. У бібліятэцы Новай Папіны назапашаны багаты вопыт работы па арганізацыі дасугу насельніцтва. Работа Новапапінскай сельскай бібліятэкі ў даным накірунку вылучаецца рознапланавасцю і зарыентавана на розныя ўзроставыя катэгорыі. Сюды мясцовае насельніцтва прыходзіць не толькі з мэтай пашырыць свой кругагляд і папоўніць прафесійныя веды, але проста правесці свой вольны час цікава і з карысцю. Вось і дзеці з вялікім задавальненням пабывалі ў бібліятэцы і даведаліся шмат цікавага.